ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (ЦШПР),

ваенна-аператыўны орган па кіраўніцтве партыз. рухам на акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Утвораны 30.5.1942 пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандавання Чырв. Арміі паводле пастановы ЦК ВКП(б) і Дзярж. К-та Абароны. Дзейнічаў да 13.1.1944 (7.3.1943 расфарміраваны, 17.4.1943 адноўлены). Нач. штаба 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. Гал. задачы ЦШПР: ажыццяўленне мерапрыемстваў па развіцці партыз. руху, каардынацыя і павышэнне эфектыўнасці баявых дзеянняў партызан, арганізацыя ўзаемадзеяння з Чырв. Арміяй, вывучэнне, абагульненне і распаўсюджванне вопыту партыз. барацьбы. ЦШПР меў радыёвузел, пункт збору рэзерваў, экспедыцыйна-трансп. базу, 4 школы па падрыхтоўцы арганізатараў партыз. руху, падрыўнікоў, разведчыкаў, сувязістаў (у 1942 іх скончыла больш за 6 тыс. чал.). Штаб дзейнічаў у кантакце з кіруючымі парт. і сав. органамі рэспублік і абласцей, ваен. саветамі франтоў і армій, кіраваў падначаленымі яму рэсп. і абл. штабамі партыз. руху, У т. л. Беларускім штабам партызанскага руху. Пры неабходнасці праводзіў перагрупоўку партыз. сіл, забеспячэнне іх зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі і інш.

т. 17, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)